МА́СЛА СМЕТАНКО́ВАЕ,

харчовы прадукт, які з’яўляецца канцэнтратам малочнага тлушчу; адзін з асн. малочных прадуктаў. Вызначаецца павышанай біял. каштоўнасцю і каларыйнасцю (каля 3 МДж на 100 г прадукту). Мае 52—98% тлушчу (у залежнасці ад віду), 1—20% вільгаці, а таксама бялкі, малочны цукар, фасфатыды, тлушчарастваральныя вітаміны A, D, E і інш. рэчывы.

Вырабляюць розныя віды М.с.: салодкасметанковае, кісла-сметанковае, валагодскае (не меней за 82,5% тлушчу), аматарскае (78% тлушчу), сялянскае (72,5% тлушчу), бутэрброднае (зніжанай каларыйнасці і высокай пажыўнасці, за кошт увядзення маслёнкі), таплёнае (98% тлушчу), салёнае (з дабаўленнем кухоннай солі), дэсертнае са смакавымі і пахучымі напаўняльнікамі — какавы, ваніліну і цукру (шакаладнае масла), натуральных сокаў і цукру (фруктовае масла). Гл. таксама Масларобства.

К.​В.​Фамічэнка.

т. 10, с. 185

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)